Раздзел 2. Лексікалогія
Тэма 2.1. Лексікалогія як раздзел мовазнаўства.
Слова як адзінка мовы
Пытанні для самакантролю
- Дайце азначэнне слова. Растлумачце, чаму яно з’яўляецца асноўнай адзінкай мовы.
- Адзначце, у чым праяўляецца двухбаковая прырода слова. Што выступае знешняй формай і ўнутраным зместам слова?
- Акрэсліце змест тэрміна “лексічнае значэнне слова”. Пакажыце, як суадносіцца лексічнае значэнне з такой формай чалавечага мыслення, як паняцце.
- Раскрыйце змест тэрміна “граматычнае значэнне слова”. Пакажыце адрозненне і ўзаемасувязь лексічнага і граматычнага значэнняў.
- Адзначце, што такое ўнутраная форма слова. Акрэсліце, якія лексічныя значэнні з’яўляюцца нематываванымі, а якія матываванымі. Прывядзіце прыклады.
- Раскажыце пра падзел лексічных значэнняў паводле сувязі назваў з прадметамі аб’ектыўнай рэчаіснасці. Адказ праілюструйце прыкладамі.
- Ахарактарызуйце віды лексічных значэнняў слова паводле яго лексіка-граматычнай спалучальнасці з іншымі словамі. Адзначце, якія тыпы значэнняў з’яўляюцца свабоднымі, а якія – несвабоднымі. Прывядзіце прыклады.
- Назавіце прычыны развіцця ў мове мнагазначнасці.
- Пакажыце, у чым праяўляецца семантычная сувязь паміж значэннямі мнагазначнага слова.
- Ахарактарызуйце адметнасць пераносных метафарычных значэнняў слова. Прывядзіце прыклады сцёртых (акамянелых, мёртвых) і агульнапаэтычных метафар. Дайце характарыстыку індывідуальна-аўтарскіх метафар. Выпішыце і запомніце дзесяць метафарычных выразаў гэтага тыпу з артыкула В.Дз. Старычонка “Танчэе дзён маіх сувой…” (Полымя. – 2002. – № 11).
- Растлумачце, чым метанімічныя пераносы назваў адрозніваюцца ад метафарычных. Пералічыце, якія віды метаніміі найбольш пашыраныя ў беларускай мове. Прывядзіце прыклады.
- Акрэсліце сутнасць сінекдахі. Адзначце, якія віды сінекдахічных пераносаў характэрныя для лексікі беларускай мовы. Адказ праілюструйце прыкладамі.
Практыкаванні
Практыкаванне 1. Вядома, што ў лексічнай семантыцы можа праяўляцца нацыянальная спецыфіка мовы. Прачытайце серыю артыкулаў І. Швед, прысвечаных вобразнай сімволіцы дрэў у беларускай традыцыйнай культуры (Роднае слова. – 2005. – №№ 1, 3, 10). Паспрабуйце акрэсліць нацыянальна-культурны кампанент значэння слоў ясень, таполя, ляшчына.
Практыкаванне 2. Растлумачце значэнне прыведзеных слоў. Акрэсліце прыметы, пакладзеныя ў аснову прапанаваных назваў беларускіх звычаяў, абрадаў, свят. Пры неабходнасці звяртайцеся да энцыклапедычнага даведніка “Народная культура Беларусі” (Мн., 2002).
Агледзіны, адведкі, заручыны, валачобніцтва, Вербніца, Багач, Грамніцы, Вадохрышча, Вялікдзень, заворванне, зажынкі, засеўкі, ігрышча, камаедзіца.
Практыкаванне 3. З тэматычнага слоўніка “Раслінны свет” (Мн., 2001) выпішыце дзесяць матываваных (гаваркіх) літаратурных і дыялектных назваў раслін. Ахарактарызуйце прыметы, якія сталі асновай выпісаных вамі найменняў.
Практыкаванне 4. Прачытайце прыведзеныя выслоўі. Акрэсліце лексічнае і граматычнае значэнні падкрэсленых слоў. Выдзеліце сродкі выражэння ахарактарызаваных граматычных значэнняў.
- Слова! Цуд найвялікшы між цудаў-дзівосаў, што здзіўляў у вяках і здзіўляе нанова. (Н. Гілевіч) 2. Самыя балючыя раны ў дзяцінстве перастаюць ныць ад пацалункаў маці. У юнацтве – самі зажываюць ад вяселля. У сталасці – загойваюцца ад спагады сяброў… І толькі пазнейшыя раны ніхто і нішто не залечыць, апроч зямлі. (М. Танк) 3. Трымаю сілы на жыццёвай веры, што будзе рунь, дзе быў адвечны ток. (М. Аляхновіч) 4. Не першы я на прадзедавым полі, а колькі незасеяных палос! (М. Аляхновіч) 5. Хай славіцца наш беларускі род! (Л. Геніюш) 6. Душу анёлакрылую Бог табе напавер дае. Не абцяжар, чалавеча, крылы ў яе. (Р. Барадулін)
Практыкаванне 5. Падрыхтуйце лінгвістычнае паведамленне аб паходжанні прозвішчаў студэнтаў вашай групы. Выдзеліце прозвішчы, утвораныя ад уласных кананічных імёнаў і іх ацэначных формаў, ад назваў населеных пунктаў, ад імёнаў-мянушак, якія характарызуюць асобу па нейкай адметнай яе ўласцівасці і г.д. Рыхтуючыся да выступлення, звярніцеся да прац Г.М. Мезенка “Беларуская анамастыка” (Мн., 1997) і В.В. Шура “Беларускія ўласныя імёны” (Мн., 1998).
Практыкаванне 6. Знайдзіце ў прыведзеных сказах словы, ужытыя ў пераносным значэнні. Назавіце тып пераносу.
- Натура ўжо, відаць, такая, што чалавеку з кожным днём заўжды чагосьці не хапае, хоць у парадку ўсё кругом. (П. Броўка) 2. І доўжыцца, доўжыцца Вечнасць – зялёнае Дрэва жыцця. (І. Тварановіч) 3. Людзі – зоркі: запаляцца ў свеце, замігцяць навокал, зазіхцяць і, колькі трэба, зямлі пасвецячы, скоцяцца зноў з небасхілу жыцця. (К. Цвірка) 4. Агні кахання – вечныя агні. Яны нікому з нас не слепяць вочы. (А. Грачанікаў) 5. Пакой я помню: на сцяне – Тарас, чые мы песні ведаем з калыскі. (М. Зарыцкі) 6. Ты, мой брат, каго зваць Беларусам, роднай мовы сваёй не цурайся; як не зрокся яе пад прымусам, так і вольны цяпер не зракайся. (А. Гарун) 7. Якім ты ёсць і стаць якім гатовы, – хай светлай будзе лёсу каляя! (Н. Мацяш)
Практыкаванне 7. Растлумачце значэнне выдзеленых метафар псіхалагічнага тыпу.
- Любові запалі святло над цёмным непарушным сумам. (Л. Галубовіч) 2. Чалавеку патрэбна цеплыня. Кожнаму! Маленькая крупінка сардэчнай цеплыні. (А. Савіцкі) 3. Людзі! Да зорак вас не ракеты – шчодрыя сэрцы нясуць. (У. Верамейчык) 4. Ад патаемных нашых слёз рубцы не гояцца на сэрцы. (С. Грахоўскі) 5. Тады ты ў лепшае паверыш, калі на сэрцы згода, неруш. (Г. Каржанеўская) 6. Двудушша не хаваецца пад грымам. ( Л. Дайнека) 7. І ўсё-ткі, што ні новы дзень, то сэрца – поўнае гарэнне! Усё глыбей сярод людзей маё жывучае карэнне. (Н. Мацяш)
Практыкаванне 8. Напішыце апавяданне “Простае шчасце людское…”. Выкарыстайце ў сваім творы псіхалагічныя метафары.
Практыкаванне 9. Карыстаючыся энцыклапедыямі і дапаможнікамі (гл.: Кондратьева Т.Н. “Метаморфозы собственного имени: Опыт словаря”(М., 1983), раскажыце пра апелятывацыю (пераход уласных імёнаў у агульныя назоўнікі) на прыкладзе прыведзеных у практыкаванні слоў. Якія тыпы пераносу значэнняў ляжаць у аснове такога пераходу?
Гігіена, мецэнат, донжуан, пасквіль, мансарда, áтлас, бадмінтон, акадэмія, пламбір, фужэр, эскулап, алгарытм, байкот, вакзал, герастрат, каламбур, марыянетка, пергамент, плюшкін, зёлкін, гарлахвацкі.
Практыкаванне 10. Падрыхтуйце лінгвістычнае паведамленне “Метафара ў моўнай карціне свету”. Рыхтуючыся да выступлення, звярніцеся да артыкулаў В.Дз. Старычонка ў часопісе “Роднае слова” (2006. – № 4; 1996. – № 9).